СІСТЭ́МА САЦЫЯ́ЛЬНАЯ,
цэласнае, структурна ўпарадкаванае ўтварэнне, якое складаецца з індывідаў і сац. супольнасцей, аб’яднаных сац. сувязямі і ўзаемаадносінамі. Істотнымі рысамі С.с., як і кожнай сістэмы, з’яўляюцца цэласнасць і інтэгральнасць. Новая якасць, якую яна ўтварае, не зводзіцца механічна да сумы якасцей яе элементаў (інтэгральны эфект), а ўласцівасці і заканамернасці элементаў часам выяўляюцца інакш, чым пры самаст. існаванні. У шырокім сэнсе С.с. — усё грамадства з яго падсістэмамі (сац. ін-тамі, арг-цыямі і інш. структурнымі фарміраваннямі). На эмпірычным узроўні — пэўная сац. супольнасць ці арганізацыя, для якой характэрны такія сістэмаўтваральныя якасці, як мэта, іерархія, кіраванне, этн. і нац. супольнасці, дзяржава. С.с. можна лічыць і кожную асобу, калі разглядаць яе з пункту гледжання характарыстык, якія выяўляюцца ў працэсе сац. узаемаадносін. У параўнанні з біял., тэхн. і інш. сістэмамі С.с. максімальна складаная, паколькі Яе асн. элемент (чалавек) валодае суб’ектыўнасцю і вял. дыяпазонам выбару паводзін. Аб’ектыўная складанасць С.с. прапарцыянальная множнасці яе элементаў, колькасці ўзроўняў і падсістэм, разнастайнасці сувязей паміж імі, ступені аўтаномнасці яе частак. Кожнай канкрэтнай С.с. уласціва іерархічнасць пабудовы — сістэмы ніжэйшага ўзроўню паслядоўна ўключаюцца ў сістэмы вышэйшага. Яна арганічна звязана са знешнім асяроддзем, выконвае строга абмежаваныя функцыі. Спосабам рэгулявання шматузроўневай іерархіі, забеспячэння сувязей паміж рознымі ўзроўнямі С.с. з’яўляецца кіраванне. Эфектыўны метад кіравання С.с. — мэтанакіраваны ўплыў на яе сістэмаўтваральныя элементы і сувязі.
Літ.:
Аверьянов А.Н. Система: филос. категория и реальность. М., 1976;
Афанасьев В.Г. Системность и общество. М., 1980;
Социология: Основы общей теории. М., 1996.
І.В.Катляроў.
т. 14, с. 421
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)